Программы по ПДД
Конкурс «Дорожный следопыт»



 
 
 
 




Новости / Новости, акции, мероприятия, события


31.08.2018 Такiх бяруць у дэтэктывы


Калі б напісаць, што ён з дзяцінства хацеў быць падобным на Эркюля Пуаро ці Шэрлака Холмса і марыў працаваць у крымінальным вышуку, гэта было б прыгожа і рамантычна. Але далёка ад праўды. Насамрэч просты сялянскі хлопец з вёскі Градно Чэрвенскага раёна Фёдар Спарыш, як і большасць яго равеснікаў-шасцідзясятнікаў, жыў зусім іншымі забавамі і клопатамі. Больш таго, шчыра кажа, што ў той час і жывога міліцыянера ў сваім глухім кутку ні разу не бачыў. Але ад лёсу не ўцячэш…

Не здымаючы пагонаў

– Улетку 1977 года я вярнуўся з войска і паехаў у Чэрвень пашпарт атрымліваць, – узгадвае Фёдар Спарыш. – Начальнік пашпартнага стала, зазірнуўшы ў мой ваенны білет, папрасіў хвіліну пачакаць і кудысьці выйшаў. Праз некалькі хвілін я ўжо сядзеў у кабінеце начальніка РАУС Геца і слухаў яго маналог аб тым, што міліцыі патрэбны такія, як я, маладыя людзі: загартаваныя войскам, ды яшчэ з вадзіцельскім пасведчаннем. І адразу мне – накіраванне на медкамісію.

Вярнуўся дахаты, параіўся з роднымі і старэйшымі сябрамі. Тыя сказалі: “Ідзі!”. Медкамісія, трохмесячныя курсы ў вучэбным цэнтры, і вось я ўжо – міліцыянер-вадзіцель. Далі мне пяцьдзесят першага “газона” і 78 рублёў акладу… Маладому гэтых грошай, канешне ж, не хапала. Нават сысці з міліцыі хацеў, тым больш, што ў войску атрымаў запатрабаваную ў той час спецыяльнасць аўтакранаўшчыка. Але неяк угаварылі застацца… У міліцыі Фёдар Спарыш не проста застаўся, а, атрымаўшы завочна сярэднюю спецыяльную адукацыю, змяніў сяржанцкія пагоны на лейтэнанцкія. І ў 1985 годзе стаў супрацоўнікам інспекцыі па справах непаўналетніх.

Федзька-сышчык

Але не паспеў наш герой упадабаць працу з “цяжкімі” падлеткамі, як атрымаў новую прапанову.

– Прапанова была такая, ад якой цяжка адмовіцца, – гаворыць Фёдар Спарыш. – У той час мы з жонкай і двума малымі дзецьмі жылі ў інтэрнаце. Аднойчы выклікае мяне начальнік міліцыі і кажа: “Пойдзеш працаваць у крымінальны вышук – атрымаеш кватэру”. Я не тое што цяжкасцяў баяўся, але баяўся, што не пацягну. На той час у крымінальным вышуку працавалі такія прызнаныя “оперы” як Суша, Яраш, Пацалуеў, Быкоўскі, Зейналаў. Толькі куды дзенешся? Жыллё патрэбна!..

Гэтак сціпла ацэньваў свае здольнасці да аператыўнай працы сам Фёдар Спарыш. Што да кіраўніцтва аддзела, то яно бачыла маладога супрацоўніка сышчыкам небеспадстаўна. Бо яшчэ ў бытнасць міліцыянерам-вадзіцелем Федзька, як ласкава клікалі яго старэйшыя калегі і начальства, неаднойчы раскрываў злачынствы.

А пачалося ўсё з гучнага выпадку, пра які ў 1981 годзе пісалі ў газетах. У той дзень маладажоны Фёдар і Ірына Спарышы вярталіся на рэйсавым аўтобусе з Градно, дзе адзначалі ўласнае вяселле. На прыпынку, што на выездзе з вёскі, у салон увайшоў і сеў на пярэдняе сядзенне мужчына гадоў пад сорак. Ірына адразу пазнала ў ім… злачынцу, якога шукае міліцыя. Фёдар хутка зарыентаваўся ў сітуацыі і зрабіў так, каб у Градно інфармацыю перадалі ў аддзел. Злачынцу, які нічога не падазраваў, нарад міліцыі затрымаў, калі аўтобус спыніўся ў вёсцы Праўда…

Яшчэ адно злачынства Фёдар Спарыш дапамог раскрыць старшаму оперупаўнаважанаму Сцяпану Ярашу, калі прывёз аператыўную групу на крадзеж з магазіна ў Раваніцкай Слабадзе. Пакуль ішла адпрацоўка мясцовасці, Фёдар прыкмеціў знаёмага хлопца, які відавочна мучыўся з пахмелля. Знайсці “гаючы напой” у ваколіцах “сталіцы” спіртавой вытворчасці для кемлівага міліцыянера-вадзіцеля было справай тэхнікі. “Падлечаны” хлопец не толькі “па сакрэту” распавёў, хто напярэдадні ноччу частаваў яго гарэлкай, але і ўказаў на месца, дзе прыхаваныя скрынкі з ёй...

Служба днi i ночы

Трэцяга красавіка 1987 года пазначана ў асабістай справе Фёдара Аляксандравіча Спарыша як першы дзень на пасадзе оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку Чэрвеньскага РАУС. Гэтай службе сышчык аддаў дваццаць гадоў, апошнія дзесяць узначальваў яе. За плячыма – шлях ад лейтэнанта да маёра, на якім было сотні раскрытых злачынстваў.

– Дзень і ноч, будні і выхадныя для аператыўніка – чыстая ўмоўнасць, – кажа ён. – Так было заўсёды. У маю бытнасць за год набягала да ста злачынстваў, а ў ліхія дзевяностыя – больш за дзвесце. Пераважалі крадзяжы, але здараліся і такія жудасныя гісторыі, якія дагэтуль немагчыма выкрасліць з памяці. Напрыклад, забойства ў Гайдуковай Слабодцы, калі пазбавілі жыцця дзеда, спалілі хату і дзве машыны.

Былі, канешне, і кур’ёзныя выпадкі. Неяк у вёсцы Аляксандраўка ў бабулі ўкралі збожжа. Старая плача: апошняе забралі. Магчыма, злодзея не ўдалося б знайсці. Але мех, у якім ён нёс здабычу, аказаўся дзіравым. А завіруха тады была! Але я, прайшоўшы ўсю вёску, па рассыпаных зярнятках выйшаў на след зламысніка.

Разважаючы аб тым, ад чаго залежыць эфектыўнасць працы службы крымінальнага вышуку, Фёдар Спарыш з уласнага досведу на першае месца ставіць стасункі з мясцовымі жыхарамі:

– Яны мне давяралі. А чаму? Бо заўсёды стараўся ім дапамагчы, разабрацца ў сітуацыі так, каб не зламаць чалавеку лёс. І людзі аддзячвалі інфармацыяй, якая дапамагала раскрываць злачынствы. Неаднойчы здаралася так, што паведамленне пра крадзеж з магазіна яшчэ не паступіла ў дзяжурную часць, а я ўжо ведаў, хто злодзей...

Другі складнік поспеху – дапамога калег. Паводле слоў Фёдара Спарыша, без падтрымкі ўчастковых інспектараў міліцыі, супрацоўнікаў ДАІ і іншых службаў раскрываць злачынствы было б проста немагчыма…

Будзем жыць!

Ён пайшоў на заслужаны адпачынак адзінаццаць гадоў таму. Хаця сілы і жаданне працаваць яшчэ былі. Ды і кіраўніцтва аддзела не хацела развітвацца з вопытным сышчыкам. У абласным упраўленні таксама далі згоду на працяг службы. Заставалася прайсці медыцынскую камісію. Але апарат вымярэння крывянога ціску па-здрадніцку выдаў амаль двайное адхіленне ад нормы. І людзі ў белых халатах сказалі “не”.

А потым яшчэ было шэсць гадоў працы ахоўнікам у Мінску. У гэты час сям’ю Спарышоў напаткала вялікае гора – трагічна загінуў сын. Як і кожны бацька, Фёдар Аляксандравіч цяжка перажываў гэтую страту. І аднойчы не вытрымаў болю…

Дыягназ “інсульт” – як прыгавор. Урачы казалі, што больш за год не працягне. Але ён выжыў. Выжыў, дзякуючы штодзённым клопатам родных, шчырай падтрымцы сяброў.

Забавы з унукам, адпачынак у роднай вёсцы, дзе па-ранейшаму сагравае цеплынёй бацькоўская сядзіба – гаючыя крыніцы, якія даюць яму жыццёвыя сілы сёння.

Ігар АДАМОВІЧ, газета «Раённы веснік».

Фота аўтара і з асабістага архіву Фёдара Спарыша.


Перейти к полному списку »
В начало
Карта сайта