Программы по ПДД
Конкурс «Дорожный следопыт»
 



 
 
 
 




Новости / Новости, акции, мероприятия, события


16.11.2018 Мядзельскі ўчастковы


Сёння складана ўявіць, што крыху больш за трыццаць гадоў таму на ўвесь Мядзел, а таксама вёскі суседніх калгасаў “Ленінскі шлях” і “Пераможац” быў толькі адзін участковы інспектар. Зараз у горадзе і бліжэйшых населеных пунктах іх чацвёра. Не бяруся меркаваць, калі абавязкаў было больш: тады ці цяпер. Задачы перад усімі стаялі і стаяць сур’ёзныя. Калі брацца параўноўваць, то хіба сітуацыю ў грамадстве, якая карэнным чынам памянялася. Вось і Пётр Валабуеў, які ўчастковым інспектарам адслужыў трынаццаць гадоў (з 1976 па 1989) кажа, што адносіны паміж людзьмі ў той час былі больш шчырыя, а чалавек з пагонамі міліцыянера меў значна вышэйшы аўтарытэт і павагу.

Пётр Паўлавіч даўно ўжо на пенсіі, размяняў сёмы дзясятак. Але з’яўляецца актыўным членам ветэранскай арганізацыі РАУС, наведвае яе мерапрыемствы, стараецца быць у курсе дасягненняў аддзела. Заўсёды энергічны, бадзёры, падцягнуты, быццам гады не маюць улады над ім. І на размову з лёгкасцю згадзіўся, каб расказаць, як гэта — быць адзіным участковым на ўвесь Мядзел.

Пра міліцыю мар у хлопца з сяла Ладбалка Чырвонагвардзейскага раёна Стаўрапольскага краю не было. Вялікая сялянская сям’я, гаспадарка. Пасля школы пайшоў працаваць у калгас, які праз пару гадоў адправіў маладога хлопца вучыцца за трактарыста-машыніста шырокага профілю. А ў 1964 годзе Пётр быў прызваны на вайсковую службу. Так атрымалася, што трапіў у Мядзельскі раён, у вайсковую часць 34017 каля в. Баяры. За тры гады службы пасябраваў з мясцовай дзяўчынай, а, вярнуўшыся дадому, зразумеў, што жыццё без яе не мае сэнсу. Напісаў ліст, у якім паведаміў пра свой прыезд. І перад Новым годам маладыя ў мядзельскім загсе распісаліся. Пётр жонку павёз дадому. На Стаўрапольшчыне ў іх нарадзіўся сын Ігар. Але нязвыклыя ўмовы, цяжкая праца па гаспадарцы (сям’я бацькоў Пятра трымала дзесяць кароў, два дзясяткі авечак, пад сотню гусей і курэй), ды і клопаты пра малое дзіця сталі для маладой жанчыны аргументам, каб вярнуцца ў Мядзел. Пятра ж не адпускалі з калгаса, а без пашпарта, у якім яму адмаўлялі, далёка не паедзеш. Ды яшчэ пяць сясцёр не хацелі заставацца без мужчынскай падтрымкі. І ўсё ж Пётр прыехаў у Мядзел, дзе на першым часе ўладкаваўся ў будаўнічую арганізацыю. Было гэта ў 1969 годзе.

Службу ў міліцыі яму прапанавалі жартам падчас адной з сяброўскіх гутарак: у спецкамендатуру патрабаваўся міліцыянер. Пётр Паўлавіч і сказаў: “Калі возьмеце, дык я пайду да вас!” Пагаварылі і забыліся. А праз месяц яго выклікаў начальнік аддзела міліцыі Васіль Захаравіч Гладкі і пасля размовы даў загад прызначыць дзяжурным спецкамендатуры. У 1974 годзе Пётр Паўлавіч паступіў у сярэднюю школу міліцыі, а праз два гады ён ужо стаў участковым інспектарам.

— Я быў адзін на ўвесь Мядзел і навакольныя вёскі: гэта дзесьці 10 тысяч чалавек. Ніякай зброі і ніякага транспарту. Па Мядзеле — пешшу. А калі што здарылася ў вёсцы, то тэлефанаваў старшыні калгаса, які высылаў па мяне машыну. Самымі частымі выклікамі тады былі сямейныя скандалы, а таксама спрэчкі па прычыне падсяленняў. Памятаю, як мяне “замучылі” выклікамі дзве старыя, якія не маглі кухню падзяліць. А яшчэ — жонка, якая пасля скасавання шлюбу любым спосабам хацела выселіць былога мужа з кватэры. А ён і ў суседзяў на добрым рахунку, і па месцы працы станоўча характарызаваўся, і п’яным яго ў грамадскіх месцах не бачыў. Карацей кажучы, пакуль ён не з’ехаў, праблема ніяк не вырашалася. Я ж у Мядзеле кожнага скандаліста ведаў, і жонак іх таксама. Напрыклад, прыйдзе муж дадому выпіўшы, скажа жонцы нешта непатрэбнае, а яна міліцыю выклікае. А я бачу, што гэта — звычайная сварка, людзі назаўтра пашкадуюць, што выклікалі ўчастковага. Тым больш, што напісанне пратакола мела вельмі сур’ёзныя наступствы: пазбаўленне “трынаццатай” зарплаты і прэмій. Таму, не афармляючы выклік, назаўтра папярэджваю ў прысутнасці другой паловы: “Калі прыйдзеш з работы п’яны і жонка мяне выкліча, то не пашкадую і дам пятнаццаць сутак. Так і ведай!” І слухаліся! Імкнуўся не караць людзей, а спачатку дамаўляцца, так сказаць, выхоўваць.

У 1986 годзе Пятра Паўлавіча на месяц адправілі ў Чарнобыльскую зону, дзе ён як камандзір узвода ахоўваў зону адсялення. За гэта атрымаў заахвочванне ў выглядзе атрымання звання маёра “сверх потолка” па пасадзе. Але ў гэты час мядзельскі ўчастковы ўжо меў памочніка. А праз тры гады Пётр Валабуеў зноў вярнуўся на службу ў спецкамендатуру. Кажа, што стаміўся без выхадных, без асабістага часу, пад пастаянным напружаннем. А праз прызму часу зараз яму здаецца, што тыя гады былі самымі цікавымі ў яго жыцці.

— Што яшчэ хачу сказаць. Нягледзячы на ўсю загружанасць і сямейныя клопаты, заўсёды знаходзіў час на спорт. Футбол, лёгкая атлетыка, валейбол… Тады шмат праводзілася розных спаборніцтваў, было шмат каманд. Усюды ўдзельнічаў, мне гэта вельмі падабалася. І дапамагала падтрымліваць фізічны стан. Колькі разоў падцягваўся на перакладзіне? Дваццаць! І не лічу, што гэта многа. Нармальна. Я і зараз разоў шэсць падцягнуся, без трэніровак. І мех бульбы перад сабой лёгка падыму. Пастаянна рухаюся, пешшу і зараз шмат хаджу. Усё гэта і дапамагае заставацца актыўным у свае семдзесят тры гады. Чаго ўсім і жадаю.

Іна ЯРЧАК,
газета «Нарачанская зара»


Перейти к полному списку »
В начало
Карта сайта