Программы по ПДД
Конкурс «Дорожный следопыт»



 
 
 
 




Новости / Новости, акции, мероприятия, события


16.05.2018 Камплiменты мiлiцыянеру


З дзяцінства Даша любіла дэтэктывы, серыялы пра міліцыю, а калі разварочваўся сюжэт пра жанчыну-следчага, то дзяўчынка бачыла сябе на яе месцы… У сям’і, дзе мама – настаўніца, а тата – выкладчык курса сцэнічнай мовы, да выбару дачкі не на карысць сямейнай дынастыі аднесліся спакойна. Нават успомнілі, што сярод далёкіх і блізкіх сваякоў вельмі многа прадстаўнікоў менавіта з праваахоўных органаў. Дарэчы, бацькі Дар’і хоць і нарадзіліся ў Маладзечне і лічаць Беларусь сваёй Радзімай, нашчадкі выхадцаў з поўначы і поўдня Расіі. Карані таты – на Кубані, мамы – у Архангельску.

А іх дачка палюбіла Мінск. Ёй хацела застацца ў сталіцы працаваць пасля заканчэння ўніверсітэта. Юрыст – спецыяльнасць зараз модная, прэстыжная. Але кожная арганізацыя, фірма ці ўстанова хоча атрымаць вопытнага супрацоўніка. Дашы давялося нямала пабегаць з рэзюме. Месца адшукала толькі ў Валожынскім сельгасліцэі. Не зусім тое, аб чым марылася, але затое дадому блізка…

Праз некаторы час дзяўчыне выпала ўладкавацца ў Валожынскі РАУС, праўда, на цывільную пасаду – старшы інспектар групы інфармацыйнага забеспячэння. З першых дзён адчула, што яе месца тут. Спадабаўся і калектыў. Вопытам работы з маладым супрацоўнікам ахвотна дзялілася яе непасрэдны кіраўнік Алена Тадэўшаўна Паланцэвіч, дапамагалі начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Валерый Валер’евіч Жук і яго намеснік Уладзімір Баляслававіч Шукевіч, а тагачасны начальнік аддзела палкоўнік Ігар Уладзіміравіч Шакун і наогул ставіўся да дзяўчыны па-бацькоўску. Ён і прапанаваў Дар’і павучыцца ў вучэбным цэнтр пры МУС Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў органаў унутраных спраў. У гэтай навучальнай установе акцэнт робіцца на практычныя заняткі, тое, што ў ВНУ застаецца па-за ўвагай. Так, у цэнтры Дашы Мурычынай прыйшлося асвоіць тэхніку стральбы з табельнай зброі. Не без гонару адзначае: паказала лепшыя вынікі ў групе.

Трапіўшы на некалькі месяцаў у любімы Мінск, адчула сум па Валожыне, зразумела, што невялічкі, яшчэ нядаўна невядомы райцэнтр, стаў сваім, родным. Хацелася хутчэй прыступіць да новых абавязкаў. Пасля вучобы атрымала званне лейтэнанта міліцыі і пасаду старшага інспектара па забеспячэнні грамадскага парадку. Пад яе кантролем знаходзяцца ўсе масавыя мерапрыемствы і святы, любімыя месцы адпачынку грамадзян, чыгуначныя станцыі. Даводзіцца маладой дзяўчыне і на патруляванне вуліц выходзіць разам з участковым інспектарам міліцыі. Выконваючы такую місію, не выключаецца магчымасць выкарыстання такіх сродкаў, як табельная зброя, гумовая дубінка, наручнікі, газавы балончык. Пакуль што прымяняць іх маладому інспектару не прыйшлося, хоць з цяжкасцямі і небяспекай сутыкалася не раз. Але за дапамогай да калег-мужчын не звярталася, бо ведае: на службе трэба забыцца, што ты – прадстаўніца слабай паловы чалавецтва. Тут усе супрацоўнікі аддзела роўныя. Гэта гендэрная “ўраўнілаўка” апраўдана. У міліцыі жанчына можа даслужыцца да самых высокіх чыноў, займаць самыя адказныя пасады. І Даша разлічвае на паспяховы кар’ерны рост. Вядома, яна асвоіла толькі першыя ступені прафесіі, але асвоіла паспяхова і робіць усё, каб годна служыць ахове грамадскага правапарадку, прыносіць карысць аддзелу, каб ёй ганарыліся бацькі. Залог гэтаму – упэўненасць, што з выбарам жыццёвага шляху не памылілася.

Не сакрэт, што кожная прафесія адкладвае на чалавека спецыфічны адбітак. Работа праваахоўніка вельмі сур’ёзная, нават у нечым суровая. Зусім не асацыіруецца з летуценнасцю. Але чым глыбей Дар’я акунаецца ў гэту мужную, мужчынскую справу, тым больш цэніць жаноцкасць. Напрыклад, у пару студэнцтва перавагу аддавала зручнаму адзенню: джынсы, красоўкі, світэры. Цяпер жа палюбіла сукенкі, абутак на высокіх абцасах. Вось толькі прыбіраецца ў іх выпадае ўсё радзей – на службе, і ў будні, і ў святы, паложана насіць форму. Хаця, па прызнанні самой Дар’і Мурычынай, у форменнай вопратцы кампліментаў у свой адрас яна чуе куды больш…

 

Алена ЗБІРЭНКА


Перейти к полному списку »
В начало
Карта сайта