Управление внутренних дел минского облисполкома
Управление внутренних дел минского облисполкома Карта сайта

Новости / Новости, акции, мероприятия, события


12.04.2015 Стоўбцы: Участковы інспектар і яго каманда

 

Участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Стаўбцоўскага райаддзела міліцыі капітан міліцыі Міхаіл Турко арганізаваў на сваім адміністрацыйным участку суботнік. Пакуль першы такі маладзёжны суботнік у гэтым годзе. 

Возера ў аграгарадку Стары Свержань Стаўбцоўскага раёна – месца прыцягальнае. Моладзь цягнецца сюды, бо тут можна палавіць рыбку, у сезон – пакупацца і адпачыць з сябрамі. А калі прыходзіць пара развітання са школай, учарашнія школьнікі таксама імкнуцца менавіта сюды – на сустрэчу світанка…

Так, зрэшты, было і ў Міхаіла Турко, які калісьці быў вучнем Старасвержанскай школы, а згаданае возера палюбіў з ранняга дзяцінства. Цяпер родныя яму мясціны сталі і месцам міліцэйскай службы. Фактычна гэта яго адміністрацыйны ўчастак, тэрыторыя, за якую ён нясе адказнасць і будучае якой – і ад яго, участковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх, залежыць.

Праязджаючы ўздоўж берага, Міхаіл Турко наткнуўся на звычайную пасля зімы малапрывабную карціну. У прыбярэжнай зоне – горы бутэлек, узгоркі смецця. Пакуль не зазелянелі кусты ды дрэвы, яны ўсе навідавоку і ліквідоўваць іх лягчэй. «Можна ж не толькі ачысціць бераг, а і падняць пад нагамі каштоўныя матэрыяльныя рэсурсы!» – вырашыў інспектар.

Яго ініцыятыву аб правядзенні суботніка падтрымалі ў роднай школе, выдзеліўшы каманду старанных памочнікаў-добраахвотнікаў. У ёй аказалася чацвёра хлопцаў – Андрэй Лябедзька, Аляксей Мазур, браты Уладзіслаў і Уладзімір Шчацініны, а таксама дзве дзяўчынкі – Юлія Цобкала і Ганна Прышчэпа.

– Прыкладна на працягу двух урокаў мы з імі плённа папрацавалі: усё смецце з берага зносілі ў кантэйнер, а бутэлькі, паперу змяшчалі ў мяхі. Калі пагрузілі гэтыя мяхі на прычэп да легкавога аўтамабіля, атрымалася багата другаснай сыравіны, якую завезлі ў школу, на склад, – расказаў Міхаіл Турко.

За сваю працавітасць удзельнікі суботніка былі аддзячаны раённым камітэтам БРСМ і інспекцыяй па справах непаўналетніх цукеркамі. Імпэт у рабят ёсць і на новыя справы.

– Будзем і далей працягваць уборку возера, прыбярэжнай зоны на рацэ Нёман, – зазначае Міхаіл Турко.

Вясною клопатаў па добраўпарадкаванні нашых населеных пунктаў і папулярных месцаў адпачынку сапраўды шмат і, мяркуючы па адным канкрэтным прыкладзе, на Стаўбцоўшчыне можа нарадзіцца цікавая традыцыя: калі і ў іншых школах раёна ўчастковыя інспектары па справах непаўналетніх стануць, як Міхаіл Турко, ініцыятарамі падобных працоўных акцый, суботнікаў разам са сваімі падлеткамі. Сярод непаўналетніх, магчыма, будуць і іх падуліковыя рабяты, з якімі неабходна найперш знайсці агульную мову, заваяваць іх давер. А сумесная праца навучыць і прыроду любіць, і знаходзіць сабе патрэбны і карысны занятак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ


Перейти к полному списку »
В начало
Карта сайта